Але сёння я не пра тое. У пятніцу ў Мінску прэзентацыя голага календара, а мне прыемна, што я - хай сабе і не ўпісаны сярод аўтараў ідэі - прычыніўся да яго ўзнікнення, падкінуўшы некалі гэтую мыслю групе ініцыятыўных таварышаў. Таварышы, слава вашым светлым галовам і валасатым пузам!
На прэзентацыю не прыйду з прычыны вялікай адлегласці маёй дыслакацыі ад месца правядзення імпрэзы. Але пасылаю ўсім прывітанне ў выглядзе маленькага перакладзіка, які да голага календара мае пэўнае дачыненне.
Марцін Райнэр
Topless
На мінулым тыдні я здымаўся для аднаго часопіса. Да мяне ў нашую цьмутаракань спецыяльна прыехаў чалавек з Прагі, але гаворка зараз не пра тое… гэта я кажу толькі дзеля таго, каб падвысіць нашую калектыўную правінцыйную самасвядомасць.
Хочаце – верце, хочаце – не, але такая фотасесія – досыць стамляльная справа. На шчасце, яшчэ з часоў службы ў войску я добра засвоіў, што каму “цяжка ў вучэнні”, таму потым “лёгка ў баі”. Дык вось, такім адказным мерапрыемствам у мяне заўсёды папярэднічае курс руплівай падрыхтоўкі перад люстэркам. Хто на гэтыя рэчы не чхае, той, як правіла, бывае ўзнагароджаны задаволеным мармытаннем фатографа і захопленымі поглядамі мінакоў.
Вось вы стаіце, такі прыгожы і разняволены, на адной назе, другой лёгка абапіраецеся на патрэсканы камель стогадовага дрэва, ласкавы сонечны промень, што прадзіраецца скрозь вясновае лісце, падае на ваш хвацкі ўсмешлівы твар… а красуня, якая акурат праходзіць міма, ад узрушанасці раскусвае напалам сваю люльку. Потым за долю секунды вашая пыса прымае какетлівы выгляд а-ля мудры мужчына ў самым росквіце жыццёвых і творчых сілаў, а яшчэ праз імгненне вы пазуеце фатографу з нязмушаным выразам “задуменны Сакрат”… Нехта ходзіць па парку ў доўгім плашчы, пад якім нічога няма, а мяне, у сваю чаргу, заводзіць вось такая дурнота.
Аднак першапачаткова я хацеў распавесці пра нешта іншае.
Калі я мо дваццаты раз “прадукаваў” на сваім твары нядбайную інтэлектуальскую ўсмешку, я ўзгадаў пра іншую, не зусім звычайную фотасесію. Цікавай яна была перадусім таму, што падчас яе адна знаёмая фатаграфіня апынулася на адваротным баку аб’ектыву. Але пра ўсё па парадку.
Мая сяброўка Яна Носэкава на пераломе міленіюмаў наздымала аўтараў выдавецтва “Petrov”… голымі! З тых фотаздымкаў мы зрабілі дабрачынны каляндар, які мусіў выратаваць чэшскую літаратуру, што не сказаць каб надта атрымалася, але шухеру і рознага галёкання вакол праекту было нямала. З часопісу “Elle” нават прыйшла прапанова сфатаграфаваць нас разам з Янай Носэкавай як прабацьку і прамаці календара. І ўявіце сабе, якая неверагодна арыгінальная ідэя прыйшла ім да галавы! Маўляў, ім здаецца, было б афігенна cool, калі б я на тым супольным здымку быў голы. Паколькі я на той час ужо вісеў голы ў сотнях чэшскіх кватэр (сваім зграбным станам я ўвасабляў месяц ліпень), мне гэта здалося значна менш цікавым, чым ім. Каб прапанаваць нейкую альтэрнатыву іхнай задуме, я сказаў, што, як мне здаецца, было б намнога больш cool, калі б гэтым разам – дзеля разнастайнасці – распранулася аўтарка здымкаў, якая, дарэчы, яшчэ нідзе не вісіць. Дамы з “Elle” адразу пачалі пераглядацца, але Яна – о дзіва! – кінутую рукавіцу падняла.
Мы сышліся на варыянце “topless”, але цешыўся з гэтага пераважна фатограф Ян Турэк, бо я ў фемінінна арыентаваным часопісе быў неміласэрна адсунуты ўзад, у Янін панадны цень, і таму не мог адказаць ёй такім сама засяроджаным і цікаўным поглядам, якім за пару месяцаў да таго ацэньвала маю аголенасць яна.
Фотасесія была вельмі файная, але калі вы ўжо раптам сабраліся на экскурсію па інтэрнэт-архіве “Elle”, каб пацешыць вока поглядам на прыгожую фотамайстарку ў негліжэ, – прытармазіце! Я ўберагу вас ад вялікага расчаравання. Рэч у тым, што яны ўрэшце выбралі фатаграфію, на якой Яна, хоць і мінімальна, але тым не менш адзетая.
Кажуць, што Бог не быў гатовы заплаціць за рэкламу столькі, колькі адзін вытворца жаночых блузак…