rul

Чытаем

     Я тут падумаў: мабыць, камусьці важна чуць, што калі "пісцы" збольшага перавяліся, то чытачы яшчэ ёсць. І я пачытваю. Ці прынамсі праглядаю.
     І яшчэ я тут падумаў: мабыць, варта ўсё ж часам і папісваць. Ну хоць вершыкі якія. У маім выпадку гэта будуць хутчэй пераклады вершыкаў. І не толькі. Прачытае хто - добра, а не - будзе тут проста склад мастацкіх тэкстаў. Ну ці складзік. Тэксцікаў.
rul

PF 2014

     З Божым нараджэннем вас, людцы, - цяпер, праз пару тыдняў ці яшчэ калі! І хай шчасціць.


     Пад катам, каму цікава, пару іншых свежых здымкаў яшчэ і з Алеськай.
     Ну і скарыстаўшыся выпадкам, кароткая аб'яўка: з 3 студзеня буду ў Беларусі, тыдні на два. Адгукайцеся.
  Collapse )
rul

Жывыя-здаровыя, працуем

     За некалькі месяцаў сюды ні слова не напісаў. Выпраўлюся. Пакуль хоць тэлеграфічна пра навінкі.
     Галоўная навіна: у нас Адась. Яму ўжо 7 тыдняў, гарланіць умее добра, але ўжо навучыўся і ўсміхацца. Ад ягоных патрэбаў ці малых капрызаў часта залежыць і напаўненне нашых дзён. Навонкі (у мяне) сухі тон, унутры (я) цалкам шчаслівы.
     *
     Зрабіў сабе ліцэнзію на прадпрымальніцтва. Здаецца, рэктар БДУ нейкі час таму ў нейкім інтэрвію казаў, што за мяжой беларусам аформіць падобную ліцэнзію амаль нерэальна. Дык вось, усё афармленне заняло пару гадзін і праз дзень дакумент быў гатовы. Адно што перад тым больш за месяц чакаў адной паперкі, адзінай, якую запатрабавалі ад мяне з Беларусі (а каб не знаёмыя і мама, якія дапамаглі прыспешыць справу, чакаў бы і ўсе тры месяцы). Так што перашкоды чыніць перадусім сама беларуская дзяржава, што даўно ні для кога не сакрэт. Цяпер паціху дарабляю сайт, на якім прапаную свае паслугі, пабачым, як пойдзе маё прадпрымальніцтва.
     *
     "Мой" тыдзень выглядае на дадзены момант прыблізна так: у панядзелкі пад вечар на пару гадзінак - у Браціславу ў вугорскі інстытут, аўторак і чацвер (а часам і субота) - курсы экскурсаводаў і турыстычных праваднікоў, у сераду - пара беларускай мовы ва ўніверы ў Брне (13 студэнтаў), у пятніцу - Прага (там на беларускую ходзіць 5 чалавек).
     *
     Баюся сурочыць, але, здаецца, усё ж пачалася "актыўная" фаза па стварэнні чэшска-беларускага слоўніка. Славацкая "Макулатура" - таксама ў працэсе. Ёсць і іншыя творчыя праекты на розных этапах падрыхтоўкі, але лепш дачакаемся нейкіх больш адчувальных вынікаў.
     *
     Сіноптыкі сказалі, што сёння быў, бадай, апошні такі цёплы дзень у гэтым годзе. У нас было пад +20, сапраўды досыць прыемна, у Лужанках (парк пад бокам) усякія жоўценькія лірыядэндроны, гінкга ды платаны.

_DSC4967-2
rul

Паўночна-заходняя Вугоршчына і ваколіцы Балатона

     Хоць гэтае падарожжа адбылося ўжо месяц таму, але ўсё ж падумаў, што варта пра яго сказаць і тут пару слоў, тыя мясціны таго адназначна заслугоўваюць. Да таго ж, убачыць Балатон было маёй марай ужо ледзь не 25 гадоў - з таго часу, як прыблізна ў  90-м у кнігарні "Дружба" ля парка Чалюскінцаў я купіў досыць вялікі ангельскамоўны гайдбук па гэтым возеры з падрабязнымі мапкамі ўсіх прыбярэжных мястэчак і вугорскім слоўнічкам. А Насця цяпер, калі мы вярнуліся з паездкі, нават сказала, што лічыць гэтае падарожжа найлепшым з тых, якія мы з ёй дагэтуль ажыццявілі. У Вугоршчыне мы былі ўсяго пяць дзён (27.4-1.5), але паспелі вельмі шмат. Зрэшты, маючы ўласныя колы, гэта было не так праблематычна. Дый надвор'е спрыяла - сонечна, тэмпература ледзь не 30. Агулам праехалі 1220 км, з іх недзе палова - даезд з Брна да вугорскай мяжы ў першую раніцу і з вугорскай мяжы да Брна ў апошні вечар. Маршрут па Вугоршчыне выглядаў так:



     Цяпер патроху пра паасобныя месцы.
  Collapse )
rul

Брненскія хронікі СМХІ

     Паціху пачынаем сезон паездак (перадусім - выхаднога дня). Выглядае на тое, што гэтай вясной і летам яны будуць пераважна мясцовага значэння і на машыне. А таму як перш чым я атрымаю правы, пройдзе яшчэ, бадай, не менш за месяц, то свае навыкі кіроўцы пакуль дасканаліць толькі жонка. Тыдзень таму зганялі на Высачыну (заглухлі ўсяго адзін раз) - кіламетраў за 80 ад Брна. Намнешць-над-Ославай - Тршэбіч - Далешыцы. Дарогай бачылі процьму месцаў, якія некалі трэба будзе абследаваць падрабязней, але той раз у нас былі вызначаныя канкрэтныя мэты. Паўсюль былі ўпершыню і цалкам задаволеныя. Жонцы спадабаўся замак (і парк, і мост, і абед) у Намнешці, які да красавіка, натуральна, зарыты на зіму:

_DSC1356

     Абаім надта прыглянуўся Тршэбіч (у базіліку св. Пракопа ля замка з экскурсіяй схадзілі, у Заднюю сінагогу без экскурсіі схадзілі, габрэйскі квартал абышлі, толькі на габрэйскія могілкі не трапілі, бо Шабат!). Не здымалі - пакінулі да наступнага прыезду.
     Ну і асабліва я проста прыфігеў ад Далешыцаў, і найперш ад бровара, які - як мы высветлілі акурат у той дзень - не проста месца, дзе вараць тое піва, якое наліваюць у Брне "У зялёнай коткі", а "бровар кіношных "Пастрыжынаў"". Хто фільм глядзеў, той пазнае: вось на гэты комін лазілі Магда Вашарыява з Ярамірам Ганзлікам:

_DSC1358

     А ўвечары мы прыехалі дадому, і па тэлевізары акурат паказвалі "Пастрыжыны". Гэта знак, падумаў я, але за пераклад адразу не ўзяўся. Але вазьмуся.
     Знак знакам, а фільмы Мэнцла паказваюць адзін за адным: акурат 75 гадоў чуваку. Пару дзён таму былі "Цягнікі пад пільным наглядам", потым "Маластранскае апавяданне" з ягоным удзелам, проста свята кінематографа нейкае. Не тое, што ў тым Эл-Эй - няшчасным кінаакадэмікам усякую чухню глядзець даводзіцца.
     Ну і так, вясна ідзе, з чым нас усіх віншую! Снег як нападаў, так і растаў, і сёння ўдзень ужо было каля +6. Jen tak dál!
rul

Брненскія хронікі - ММХІІ

     Сам здзіўлены, наколькі закінуў ЖЖ. Нават пра нядаўнюю (але ўжо леташнюю) паездку ў Бельгію - ані слова. Каб выправіцца, згадаю хоць, што нядаўна ездзіў у Вільню і ў Беларусь. Праўда, сёй-той і без анонсу гэта заўважыў. Вельмі спадзяюся, што неўзабаве з'яўлюся ў Мінску зноў, ужо каб прэзентаваць вынікі перакладчыцка-рэдактарска-выдавецкай працы вялікай каманды.

     З навінаў: у нас з'явілася машынка, Насціна службовая. Кіруе пакуль толькі жонка, але я спадзяюся таксама хуценька атрымаць правы. На выходных апрабавалі, скатаўшыся ў блізкі Слаўкаў (ён жа Аўстэрліц) і Бучавіцы.

     Вось-вось пачнецца новы семестр, у якім штопятніцы буду ездзіць у Прагу праводзіць па дзве пары белмовы.

     Сяджу рэдагую са страшнай сілай. Хочацца ўжо для душы нешта перакласці, але ж - дэдлайны...
     А пасля дэдлайнаў - шукаю працу. Калі ведаеце пра што - падкідвайце. Зрабіць карысную справу і зарабіць капеечку - заўсёды гатовы.

     Планы на пару месяцаў наперад збольшага распісаныя. Каго прыняць у госці, куды і калі з'ездзіць, каму пендзеля прапісаць. З аптымізмам і чаканнямі глядзім у блізкую і больш аддаленую будучыню.

     У Бррррне сёння раптам выпала трохі снегу і тэмпература нават удзень - лёгкі мінус. Абяцаюць, што ненадоўга, і праз які тыдзень будзе амаль вясна.

     Не хварэйце. Будзем на сувязі.
rul

Брыду нетаропка...

     Да апошняга не збіраўся падводзіць вынікі, да таго ж яшчэ ў апошні дзень года дарабляў працу, але ўрэшце падумаў, што нават для сябе карысна ўпарадкаваць зробленае ці не зробленае.
     У 2012 былі большыя ці меншыя справы, да якіх прыклаў руку.
     Фактычна фінішаваў праект, падтрыманы Вышаградскім фондам: пераклад і выданне кніг польскіх, чэшскіх, славацкіх, вугорскіх аўтараў; семінары і стажыроўкі ў адпаведных краінах. Быў куратарам т. зв. белетрыстычнай часткі. Не ўсё было гладка, не ўсе кнігі яшчэ выйшлі, але застаецца ўжо не так шмат: давыдаць рэшту і ў студзені-лютым - пры спрыяльных умовах - правесці прэзентацыі.
     Таксама завершаны фестываль "by.BY" у Брне. Быў адным з яго арганізатараў, а заадно перакладчыкам драматургічных тэкстаў Алеся Асташонка на чэшскую. Увогуле ў рамках фестывалю адбылося шэсць сцэнічных чытак п'есаў беларускіх аўтараў, дзве фотавыставы (Каці Межавец і "Belarus Press Photo 2012), кінапаказ з дыскусіяй, некалькі канцэртаў (у т. л. Вайцюшкевіча), урэшце, кампанія па інфармаванні чэшскай публікі аб сітуацыі ў Беларусі і па вызваленні беларускіх вязняў сумлення.
     Пад канец года таксама адбылася драматургічная падзея - сцэнічнае чытанне ў хатцы Свабоднага тэатра дзіцячай казкі "Праляцець праз вясёлку", напісанай чэхам Шымонам Алівеціным паводле тэкстаў Андрэя Саннікава і перакладзенай мною на беларускую.
     На беларускую пераклаў і яшчэ адну дзіцячую кніжку - "Шмыгуся на нябёсах" Івы Прахазкавай, - але пакуль не ўдалося здабыць правы на яе публікацыю. Затое ў "дзіцячым нумары" "ПрайдзіСвета" апублікаваны іншы дзіцячы твор, які праляжаў у мяне мёртвым грузам гадоў восем, - "Мах і Шэбестава ў школе" Мілаша Мацоўрака. Увогуле, з "ПрайдзіСветам" сёлета працягнулася плённае супрацоўніцтва: таксама на пачатку года ў "дэтэктыўным нумары" пабачыла свет "Забойства ў Жлуктаве" славацкай аўтаркі Даніэлы Капітанявай; прыблізна тады ж з вялікай падтрымкай гэтага ўлюбёнага інтэрнэт-рэсурсу ўдалося правесці конкурс перакладу "Ператвор"; вялікі зборнік па выніках конкурсу рыхтую да выдання. Апроч таго, "журыў" прэмію "ПрайдзіСвета".
     З перакладаў была яшчэ публікацыя "Рускага" Максіма Гарэцкага па-чэшску. Часопісу "Host" сасватаў Альгерда Бахарэвіча, які цягам паўгода штомесяц пастаўляў ім па эсэ, а я тыя эсэ, адпаведна, штомесяц сумленна перакладаў. Яшчэ давёў да ладу пераклады трох кніг, распачатыя даўней, але самі кнігі пакуль не выйшлі - чакаю іх на пачатку 2013-га. Больш, чым уласна перакладамі, займаўся рэдагаваннем чужых тэкстаў.
     У брненскім і пражскім універсітэтах, з пераменным поспехам, адвёў пару невялікіх беларусазнаўчых курсаў, у другім семестры працягваю яшчэ беларускую мову ў Празе.
     З розных нагодаў некалькі разоў з'яўляўся на адной чэшскай і дзвюх беларускіх радыёстанцыях, тройчы на чэшскім тэлебачанні + раз у якасці сінхраніста. Надалей такое хацелася б практыкаваць мінімальна, бо падобныя медыі ўсё ж не для мяне. Некалькі разоў удзельнічаў у дыскусіях, сёе-тое мадэраваў, каментаваў, але на ўзроўні досыць аматарскім.
     Найбольш часу правёў у Брне, ягоных ваколіцах, шырэй - у Чэшскай Рэспубліцы (у т. л. у Празе), два месяцы - у Беларусі (пераважна ў Мінску), два з паловай тыдні - у Босніі (перадусім у Сараеве), амаль два тыдні - ва Украіне (Сумы, трохі Кіеў), дзён восем - у Вугоршчыне (галоўным чынам Будапешт), дзён пяць у Бельгіі (Фламандыя і Брусэль), столькі ж у Харватыі (Дуброўнік, Спліт, Заграб), пару дробных паездак - у Вену і Браціславу.
     Кніжак начытаў досыць, добрых і не вельмі, на розных мовах. Першай кніжкай у 2012-м была "U potpalublju" Уладзіміра Арсеніевіча ў цягніках Бялград-Будапешт-Варшава-Мінск, а апошнімі - "Я абслугоўваў ангельскага караля" Багуміла Грабала і яшчэ не скончаная "Piata loď" Монікі Кампанікавай.
     Прымалі шмат гасцей, адведалі таксама нямала. Маглі б больш. Дакараю сябе, што мог бы быць больш уважлівым да сяброў - старых і дарагіх, а таксама мог бы больш бачыцца з дачкой.
     Вось тое, што змог прыгадаць з лёту. Але галоўныя радасці і перажыванні - занадта інтымныя. Іх я ЖЖ не даверу.
     Год толькі-толькі пачынаецца. Нашае са stranya галоўнае пажаданне на яго - ніжэй. Будзьце здаровыя.

     
rul

Дзіцячы дзень у СТ

     Па рассылцы "Свабоднага тэатра" атрымаў мэйл з наступным зместам:

     "Праляцець праз вясёлку"
     (Казка для Данiка)

     18 декабря (вторник), 20:00
     Добро пожаловать с детьми!

     Запись (с 10:00 до 19:00) по телефону:
     +375 29 ххххххх (Светлана)

     Количество мест ограничено.

     Гаворка пра п'есу паводле казак Андрэя Саннікава, якія той прыдумаў для свайго сына Даніка, седзячы за кратамі. Чэшскі драматург, які схаваўся пад псеўданімам Шымон Алівецін, напісаў паводле тых казак п'есу і папрасіў мяне яе перакласці, на што я з радасцю пагадзіўся. Часу было ў абрэз, але, здаецца, выйшла няблага. Тым больш што сама п'еса, як і казкі, якія сталіся яе літаратурнай асновай, напісаныя дасціпна, лёгка і забаўна.
     З Шымонам - будзем яго так называць, калі ён сам так захацеў - мы знаёмыя некалькі гадоў, і ўпершыню пабачыліся, акурат калі ён гадоў пяць таму прыехаў у Мінск у складзе аматарскага лялечнага тэатра, які паказаў тады спектакль у хатцы "Свабоднага тэатра". Пазней Шымон прыязджаў У Мінск яшчэ раз і прывозіў з сабой двух актораў пражскага тэатра "Na tahu", якія гралі ў той самай хатцы п'есу Вацлава Гаўла "Пратэст". Я тады на просьбу Шымона пераклаў  "Пратэст" на беларускую мову, каб гледачы маглі сачыць за дзеяннем на сцэне (пераклад п'есы, дарэчы, пазней быў апублікаваны ў інтэрнэт-часопісе "ПрайдзіСвет"). І вось вынік чарговага супрацоўніцтва з Шымонам можна будзе ўбачыць заўтра, у гадавіну смерці Вацлава Гаўла, між іншым, аднаго з патронаў "СТ", і напярэдадні другой гадавіны ўвязнення Андрэя Саннікава. Добрая дата, добрая дзіцячая п'еса. Хай усё атрымаецца!
rul

Прадам люстраны фотаапарат

     Падумаў, што і сюды можна абвестачку даць.
     Калі ты хочаш мець люстраны фотаапарат, але новы табе задарагі - прапаную сваю ненаглядную Параску (Nikon D3000) з вельмі непаганым універсальным аб'ектывам Nikkor 18-105, 3,5/5,6. Карыстаўся акуратна, таму ўсё ў выдатным стане. Калі ў цябе трохі большыя фотаамбіцыі, то замест D3000 магу прапанаваць D80, або замест Nikkor'a - Tamron 17-50, 2,8. Таксама ўжываныя, у цудоўным стане. Асобна аб'ектывы не прадаю, соры.