?

Log in

No account? Create an account

Не спіцца

Вацлаў Граб'е - 2. Блюз памяці Уладзіміра Маякоўскага

Journal Info

rul
Name
smatrycenka
Website
Мой сайт

Вацлаў Граб'е - 2. Блюз памяці Уладзіміра Маякоўскага

Папярэдні запіс Share Наступны запіс
rul
Добрага дня ўсім. Вось вам яшчэ трохі Вацлава Граб'е. Не хварэйце.

Блюз памяці Уладзіміра Маякоўскага


Вечар Дзесь пада мной

зіхацела Прага

Мне было вусцішна

ад столькіх агнёў

З пагорку

Я назіраў за небам

мо праляціць

падобна галубцы

хоць адна зорка

віхлястая голая дрогкая


І ў той міг я пачуў як у змроку

загучаў блюз

памяці вялікага самагубцы


Спачатку раяль

глыбокім басам

трызніў хвалямі бурнага мора

потым труба

не схацеўшы пакінуць раяль сам-насам

захрыпела вязка і хвора


Дзівосная музыка

зусім неразумная й нерэнтабельная

Музыка без надзеі

на ганарар

Чуеце Музыка

Як цёплы вецер

над целам салдата каторы загінуў

у непатрэбнай вайне

Як раса што на ўскрайку ночы

на ім асядае

тымчасам

як у яго вечным сне

мігцяць партоў

кітовыя вочы


Чуеце Потныя пальцы

спяваюць оду

пракураным залам

белым пыльным дарогам

гадам гераіну й тугі

гадам голаду роспачы п’янак надзей

дзецям Тэхаса дзяўчыне з Аёвы

Труба грае У ейных высокіх усхліпах

зіхцяць сумёты падзей

малыя паразы й вялікія заваёвы


Цяпер паўза пакуль не ўступіў кантрабас

Кароткае ймгненне якраз

на адзін тульпан

што да мяне нахіліўся

Чуваць

удых трубача і свінгавы рытм

рухавай зямлі


Гэта ўсё інструмент

кроў

і пот

Залатыя трубы ў небе над Ерыхонам

Гэта блюз


П’еро

Прыхінуўся да пылу дарогі прастрэленым жыватом

Хто ведае які ішоў год


Гэта блюз

Можа быць для адказу прыйдзе яшчэ чарод


Некалькі Муз

на Стралецкай выспе

свае таленты нішчаць у самым зародку

Грузінскі каньяк

Хінін і жлобскае кодла

Супраць жыцця

няма больш агіднага сродку


Дзяўчаты мае даражэнькія!

напамаджаныя русявыя з вачыма карымі


Вось так схопіць за горла

сцісне

рване голаў назад…


Чым я вас магу папракаць?

Я ж нячаста прашу вашых парад


І вы б мяне ўсё адно не пачулі

бо пакуль танцоры ў загуле

падміргваюць мне і клічуць: “Хадзі сюды хлопча”

з магнітафона ліецца

“Цалуй… Darling Сённяшняй ноччу”

ў дванаццаці тактах

рок-н-ролу


Гэта ўсё не жыццё І гэта

не джаз

Жыццё гэта машына што ў ранішняй мгле

вязе ў краму хлеб

і рукі стамлёныя ды ў мазалях

без лішніх прэтэнзій на славу й напышлівых словаў

А джаз

гэта доктар што лечыць

страх і тугу і іншыя рэзаныя

раны

гарачым жалезам соллю і спіртам

Гэта труба

якая ў цемры рвана

спявае:

Гэта было ў той дзень калі ў Арлі сена звозілі ў сцірты

Вінцэнт ван Гог парэзаны сонцам

выбег з кавярні

крывёю сцякае

спыніўся на ймгненне

Падлічваў

колькі ў яго засталося сяброў колькі гадоў

Шматзначныя ўсмешкі “Бачыце? Ён вар’ят Мазгоў зацямненне”

Таго мігу хапіла

І свет пахіснуўся ізноў


Заўсёды толькі кароткае ймгненне

Якраз

на адзін тульпан

Сола ў задрыпаным бары пад ранне

Сола жыцця

Парывісты хуліган

Сола

на апошні грош

Толькі кароткае ймгненне – на адзін тульпан


Сумны асілак ішоў па Неўскім і словы абразы былі

як нож

Ва ўсіх сяброў свае справы

Стаяў красавік Бяздушны вецер ладзіў чарговае шоў

Брук са шчырасцю нечалавечай заікліва спачуваў

ад слёз мокры і коўзкі

У той дзень апошні раз па бульвары ішоў

Уладзімір Маякоўскі




Распрацавана LiveJournal.com